Другі матч кубку прайшоў на стадыёне “Водаком Парк” у Блумфантэйне ў прысутнасьці 37 тысяч гледачоў. Зборная Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі на хатнім полі нанесла паразу камандзе Новай Зэляндыі.
У стартавым матчы Кубка трох нацый, які праходзіў у Оклэндзе, зборная Новай Зэляндыі абгуляла каманду Аўстраліі. 32 тысячы заўзятараў сабраліся на “Ідэн Парк”. Аднак пачатак гульні ў гаспадароў не задаўся, яны саступалі ў ліку. Тым ня менш, у другім тайме “Чорныя” пачалі рэзка дадаваць і ў выніку вырвалі перамогу.
На заплянаваным на 13 жніўня паседжаньні выканаўчага камітэту МАК будуць названыя два віды спорту, рэкамендаваныя для ўключэньня ў праграму Алімпійскіх гульняў 2016 году. Сфармаваны сьпіс з сямі відаў, з якіх будзе зроблены выбар: бейсбол, гольф, каратэ, рэгбі-7, ролерны спорт, сквош, софтбол.
Паводле інфармацыйнага агенства Associated Press, Міжнародная рада рэгбі (IRB) можа прыняць рашэньне аб скасаваньні Кубка сьвету па рэгбі-7 у выпадку ўключэньня гэтага віду спорту ў лік алімпійскіх.
Эндзі Фарэл, былы капітан зборнай Ангельшчыны і ўладальнік тытулу лепшага рэгбіста сьвету 2004 году (у вэрсыі рэгбі-ліг), абвясьціў аб намеры завяршыць кар’еру па завяршэньні бягучага сэзону, паведамляе BBC. Фарэл плянуе ў будучым працаваць адным з трэнераў моладзевай каманды “Сарацынс” з Уотфарда, за якую выступае яго сын Оўэн.