Рэгбі паспрачаецца за алімпійскую “ліцэнзію”
На заплянаваным на 13 жніўня паседжаньні выканаўчага камітэту МАК будуць названыя два віды спорту, рэкамендаваныя для ўключэньня ў праграму Алімпійскіх гульняў 2016 году. Сфармаваны сьпіс з сямі відаў, з якіх будзе зроблены выбар: бейсбол, гольф, каратэ, рэгбі-7, ролерны спорт, сквош, софтбол.
- Якія шанцы рэгбі-7? – прыводзіць словы прэзідэнта Міжнароднай рады рэгбі (IRB) Бэрнара Лапасэ “Ўвесь спорт”. – У гэтым выпадку няма фаварытаў, кожны з сямі відаў спорту валодае сваёй гісторыяй, сваімі плюсамі і мінусамі, а галоўнае – велізарным жаданьнем быць уключаным у алімпійскую праграму. Нашы плюсы – гэта гісторыя рэгбі, які ў 1900-1924 гадах уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў, колькасьць краін, якія складаюць IRB – 116, а таксама ўнівэрсальнасьць і даступнасць нашага віду спорту. Зразумейце, мы цалкам ня супраць іншых відаў спорту, усе яны таксама маюць права ўвайсьці ў алімпійскую праграму, але, нажаль, з сямі прэтэндэнтаў будуць абраныя толькі два шчасліўчыкі. Нам застаецца толькі чакаць 13 жніўня – дня, які можа стаць паваротным у гісторыі сусветнага рэгбі.
