Італійскія клюбы далучацца да Magners League

Фота: scrum.com
Размовы аб “экспансіі” Кельцкай Лігі на Апэніны ішлі ўжо адносна даўно, але першыя крокі на шляху да гэтага былі зробленыя толькі летась. У сакавіку 2009 прадстаўнік Кэлцік Рэгбі заявіў, што ніхто ў прынцыпе не пярэчыць супраць уключэньня ў Магнэрз Ліг двух італьянскіх клубаў. У студзені пачаліся перамовы, у якіх прынялі ўдзел Кэлцік Рэгбі, рэгбійныя зьвязы Ірляндыі, Італіі, Шатляндыі і Ўэльсу. Зялёнае святло італійскім клюбам было дадзенае праз два месяца, пасля таго, як бакі ўзгаднілі ўсе пытаньні датычна стандартаў гульні і абслугоўваньня, эканамічныя пытаньні, умовы тэлетрансляцый і г.д. Кіраўнік Шатляндскага Рэгбійнага Зьвязу адзначыў, што пашырэньне Магнэрз Ліг пацягне за сабой шэраг праблемаў, асабліва па частцы будучай структуры сэзону, але запэўніў, што яны будуць вырашаныя сумеснай працай усіх рэгбійных зьвязаў.
Варта нагадаць, што калісьці разглядаўся варыянт пашырэння Магнэрз Ліг за кошт ня толькі італійскіх, але і паўднёваафрыканскіх камандаў. У 2005 годзе быў анансаваны Рэйнбоў Кап, але з-за фінансавых праблемаў і зьмены кіраўніцтва ў Паўднёваафрыканскім Рэгбійным Зьвязе гэтая ініцыятыва не атрымала працягу.
