Ruggerby.com » Article

Галоўныя спаборніцтвы ў сьвеце рэгбі

Рэгбі (Rugby union) быў у складзе спаборніцтваў, уключаных у Алімпійскія Гульні. Мэдалі былі разыграныя на Гульнях у 1900, 1908, 1920 і 1924. Паводле Алімпійскіх правілаў, нацыянальныя каманды Шатляндыі, Уэльса і Ангельшчыны не маглі гуляць асобна, паколькі не з’яўляліся суверэннымі дзяржавамі.

Не сёньняшні дзень пералік асноўных спаборніцтваў і каманд, якія прымаюць у іх удзел, выглядае так.

Кубак сьвету па рэгбі (Rugby World Cup)

З 1987 году шточатыры гады праводзіцца Кубак сьвету па рэгбі сярод мужчын, і з 1991 гады — і сярод жанчын. Цяпер чэмпіёнам сьвету зьяўляецца зборная ПАР, якая заваявала Кубак Уільяма Ўэба Эліса ў 2007 годзе. Да гэтага яго выйгравалі каманды Новай Зэляндыі (1987), Аўстраліі (1991, 1999), ПАР (1995) і Ангельшчыны (2003).

Кубак шасьці нацыяў (Six Nations Championship)

Галоўнае штогадовае міжнароднае спаборніцтва ў Паўночным Паўшар’і — Кубак шасьці нацыяў, які разыгрываюць паміж сабой Ангельшчына, Уэльс, Ірляндыя, Шатляндыя, Францыя і Італія. Спачатку за гэты кубак спаборнічалі чатыры каманды з Вялікабрытаніі і Ірляндыі (т. зв. Home Nations). У 1910 годзе да іх далучылася Францыя, у 2000 — Італія. Пераможцам у 2006 і 2007 гадах стала зборная Францыі, у 2008 — зборная Ўэльса.

У межах самага Кубка разыгрываюцца і больш «дробныя» прызы. Камандзе, якая перамагла ўва ўсіх пяці матчах, дастаецца Вялікі шалом. Каманды чатырох «хатніх нацыяў» дадаткова спаборнічаюць за Патройную карону, якую атрымлівае тая каманда, якой атрымаецца перамагчы ўсё тры астатнія. Апошні раз Вялікі шалом і Патройную карону ў 2008 году выйграла зборная Ўэльса. Каманда, якая прайграла ўсе пяць матчаў, атрымлівае «драўляную лыжку».

Кубак трох нацыяў (Tri Nations)

У Паўднёвым паўшар’і аналягічную ролю грае Кубак трох нацыяў, у розыгрышы якога ўдзельнічаюць Аўстралія, Новая Зэляндыя і ПАР. Каманды Аўстраліі і Новай Зэляндыі дадаткова разгульваюць у матчах паміж сабой Кубак Блэдзіслоў. Цяпер абодва кубкі належаць камандзе Новай Зэляндыі.

Кубак эўрапэйскіх нацыяў (European Nations Cup)

Эўрапэйскія каманды другога эшалёна спаборнічаюць за Кубак эўрапэйскіх нацыяў. Каманды, якія ўдзельнічаюць у гэтым спаборніцтве, што арганізуецца ЭўрапЭйскай асацыяцыяй рэгбі (FIRA-AER), дзеляцца на некалькі дывізіёнаў. Сам кубак разыгрываецца ў першым дывізіёне, дзе спаборніцтвы праводзяцца на працягу двух сэзонаў. У розыгрышы 2004/06 гадоў у першым дывізіёне гуляюць каманды Румыніі, Грузыі, Партугаліі, Чэхіі, Расеі і Ўкраіны.

Міжнародныя спаборніцтвы па рэгбі сярод жанчын (Women’s international rugby)

Women’s International Rugby бярэ свой пачатак у 1982. Больш шасцісот матчаў з тых часоў было згуляна з удзелам больш за сорак розных нацыяў. Акрамя Кубка сьвету сярод жанчын (які таксама разыгрываецца раз на чатыры годы), праходзяць рэгулярныя турніры, уключаючы Кубак шасьці нацыяў, які разыгрываецца раўналежна з мужчынскім.